Дзяржаўная ўстанова «Лідскі гісторыка-мастацкі музей»

У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі адкрыты для наведвання пастаянныя экспазіцыі «Прырода Лідчыны» і «Сучаснае мастацтва краю».

Экспазіцыя «Прырода Лідчыны» распавядае пра жывёльны і раслінны свет краю. На базе экспазіцыі праводзяцца музейна-педагагічныя заняткі і святы. Вялікім попытам у наведвальніка карыстаюцца музейныя гульні «Падарожжа ў царства зімы».

Сучасная яркая падача экспазіцыі «Сучаснае Мастацтва краю» дазваляе наведвальнікам любых узростаў пазнаёміцца з творчасцю мастакоў і скульптараў Лідскага раёна.

У музеі арганізаваныя стацыянарныя выставы, якія раскрываюць унікальнымі прадметамі храналагічныя падзеі краю. Часовая экспазіцыя «Вайна. Перамога. Памяць» распавядае пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны і генацыд беларускага народа. Сярод яе экспанатаў — прадметы ваеннага часу, фатаграфіі, дакументы і ўспаміны відавочцаў. Унікальныя прадметы савецкага перыяду прадстаўлены ў музейна-вобразнай зале «Хрушчоўка 60-х». У атмасферна-этнаграфічная гасцёўні «Час. Традыцыі. Вобразы» жыве памяць, плён працы і вынік намаганняў многіх пакаленняў нашых продкаў-землякоў. На выстаўцы «Гады выпрабаванняў, надзей і дасягненняў» прадстаўлены дакументы, фатаграфіі, узоры прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў Лідчыны к. ХХ — п. ХХІ стст.

Пастаянна абнаўляюцца выставы з прыватных калекцый мясцовых мастакоў і калекцыянераў.

22 верасня 2010 года адбылося ўрачыстае адкрыццё Дома Валянціна Таўлая, які стаў аб’ектам ДУ «Лідскі гісторыка-мастацкі музей». У будынку створаны мемарыяльны пакой паэта, ладзяцца выстаўкі і імрэзы літаратурна-краязнаўчага накірунку.

Лідскі замак таксама з’яўляецца аб’ектам ДУ «Лідскі гісторыка-мастацкі музей». У снежні 2017 года была адкрыта экспазіцыя «Лідскі замак. Гістарычныя падзеі і постаці» ў паўночна-ўсходняй вежы Лідскага замка. 3 ліпеня 2020 г. у адрэстаўраванай паўднёва-заходняй вежы адкрылася пастаянная экспазіцыя «Старонкі гісторыі. Ад XIV стагоддзя…»